СВЯТАГО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,

помнік архітэктуры 16—19 ст. у г.п. Пушкінскія Горы Пскоўскай вобл. (Расія). Засн. ў 1569 як мужчынскі. Размяшчаецца на Святых (б. Сінічых) гарах. Ансамбль манастыра абнесены пабеленымі каменнымі сценамі і Анастасіеўскай і Святой брамамі. На вяршыні ўзгорка — мураваны 4-стаўповы 3-апсідны 1-купальны Успенскі сабор (16 ст.) з традыц. рысамі Пскоўскай школы дойлідства. У ветразевых скляпеннях і верхняй ч. праслаў сабора ўстаноўлены галаснікі. У ансамблі С.м. званіца ў стылі класіцызму (скончана ў 1821; у яе верхнім ярусе размяшчаўся гадзіннік), брацкі корпус з трапезнай, гасцініца. На тэр. манастыра магіла А.​С.​Пушкіна і яго продкаў. Пасля 1918 у саборы была экспазіцыя, прысвечаная Пушкіну. У Вял. Айч. вайну манастыр моцна пашкоджаны. Адноўлены. З 1990-х г. храм дзейнічае. С.м. уваходзіць у склад Музея-запаведніка Пушкіна.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 14, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)